Свята малака «Малочныя рэкі — песенныя берагі» стала традыцыйным у аграгадку Райца. Яно дае магчымасць вяскоўцам і гасцям сабрацца разам, і многія могуць падзяліцца сваім прафесійным майстэрствам: адны падарыць добрую песню, другія парадаваць кулінарнымі шэдэўрамі. З кожным годам яно набірае большы размах: сюды прыязджаюць з розных куткоў Карэліччыны.
ГАСЦІННАСЦЬ ПА-СВІЦЯЗЯНСКУ
На пляцоўцы каля філіяла «Райцаўскі сельскі клуб» шматлюдна. Як гаворыцца, тут збіраюцца ад старога да малога.

Намеснік старшыні СВК “Свіцязянка-2003” па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць праводзіць дэгустацыю прадукцыі малочнай кампаніі «Навагрудскія дары» і спяшаецца пачаставаць ёю ўдзельнікаў свята. Яна адзначае: «Мы супрацоўнічаем з гэтай кампаніяй і пастаўляем малако для перапрацоўкі, «Навагрудскія дары» прадаставілі розныя сыры. Спадзяюся, што яны зроблены таксама і з нашай прадукцыі. Госці свята з задавальненнем частуюцца і адзначаюць высокую якасць прадуктаў».

Жыхарка аграгарадка Райца Таіса Мухіна паведала аб тым, што на свяце была ў мінулым годзе, гатавала тварожныя пончыкі і была адзначана граматай і прызам. Сёлета праводзіць майстар-клас па прыгатаванні варэнікаў-ляніўцаў і варэнікаў з тварагом. У адной са страў будзе сюрпрыз, за які можна атрымаць падарунак.
— Гэтае свята вельмі добрае для насельнікаў нашага малочнага краю, узнімае дух вяскоўцаў, з кожным годам гасцей усё больш. Яно праходзіць чацвёрты год, і хочацца, каб моладзі ў ліку ўдзельнікаў было яшчэ больш. Да таго ж Свіцязянскі край вельмі прыгожы і славіцца сваімі традыцыямі, — гаворыць Таіса Мікалаеўна.

Гутару з бібліятэкарам Райцаўскай сельскай бібліятэкі Аленай Захарчук. Арганізавана тэматычная выстава «Малочны востраў», дзе прадстаўлена інфармацыя аб карысці малака і ўплыву яго на арганізм чалавека. Тут прымаўкі і вершы пра малако. Удзельнікі свята могуць адгадваць загадкі і разгадваць крыжаванкі пра малочную прадукцыю і за правільны адказ атрымліваць салодкія прызы.
ЧЫМ ПАРАДАВАЛА СВЯТА
Свята пачынаецца. Яго адкрываюць вядучыя і абяцаюць шмат цікавага: жартаў, гульняў, конкурсаў, песень, танцаў — усяго, чаму можа парадавацца душа. І яно спраўдзілася: на працягу свята настрой узнімалі выканаўцы і ўдзельнікі, і асабліва гэта атрымлівалася ў герояў свята Нічыпара і Гапусі.

Конкурсы былі арыгінальнымі і няпростымі. Смельчакі паўдзельнічаць у іх знаходзіліся, але трэба было добра пастарацца, каб дасягнуць вынікаў. Да прыкладу, конкурсы: «Выпіць малако без рук», «Танец з малаком», «Асілкі», «Падаі карову», «Буронка». Асабліва захапляльным аказаўся «Рыбакі». Дзяўчынкі і хлопчыкі «лавілі» з вудачкамі ў руках сыркі, тваражкі, ёгурты, якія былі раскладзены на абрусе. Кожны з іх стараўся злавіць сваю ўдачу — і ім гэта ўдалося зрабіць.

Завіталі на свята і работнікі культуры раёна. Яны дэманстравалі сваё майстэрства і ўзнімалі настрой прысутных. Культарганізатар філіяла «Жухавіцкі Дом культуры» Кацярына Жамойда запрасіла на майстар-клас па побытавых танцах. Знайшлося шмат жадаючых, і нават Каза стала ў карагод. Старанні работніка культуры аказаліся недарэмнымі: удзельнікі майстар-класа хутка авалодамі навыкамі танцаў, і з задавальненнем выконвалі лявоніху, польку-качан, кракавяк.
— Мы на свяце малака ў Райцы выступаем не першы год. Я ўжо другі год як вядучая. Адчуваецца, што з кожным годам яно набывае размах, усё больш з’яўляецца ўдзельнікаў і навізны падчас правядзення, — адзначае Кацярына Жамойда.
Шмат цудоўных песень прагучала на свяце. Іх выканаўцы пастараліся на славу — і мелодыі глыбока западалі ў душы слухачоў. Вось толькі ў Ірыны Загібайлавай з Жухавіч гэта атрымлівалася па-асабліваму: яе харызма і песні аб каханні не змаглі пакінуць нікога раўнадушнымі, і мелодыі суправаджаліся гучнымі апладысментамі.

МАЙСТЭРСТВА І ЎЗНАГАРОДА
Не толькі песнямі і танцамі, майстар-класамі і конкурсамі поўнілася любімае свята свіцязянцаў. Тут было шмат прысмакаў, якія прыгатавалі спрытныя гаспадыні. Дзейнічала «Малочнае кафэ», дзе праводзілася дэгустацыя розных малочных напояў. На свяце можна было набыць хлебабулачныя вырабы ў вялікім асартыменце ад КСУП «Малюшычы». Сваімі імбірнымі пернікамі парадавала гасцей свята Алена Жывень з райцэнтра.

Адзначаны ўдзельнікі свята. У намінацыі «Самы арыгінальны варэнік» адзначылі Таісу Мікалаеўну Мухіну, «Самы крэатыўны пірог» — Алену Мікалаеўну Гіз, «Далікатны малочны дэсерт» — Таццяну Віктараўну Шышкір, «Лепшае асарці з малака» — Алу Мікалаеўну Папюк. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Таццяна Віктараўна Шышкір.
Дыпломамі за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні свята малака ўзнагароджаны філіялы: «Малюшыцкі сельскі клуб», «Турэцкі Дом культуры», «Жухавіцкі Дом культуры», а таксама Дзіяна Гіз, Максім Кудзін, Аляксей Тананка, Таццяна Шышкір.
ДЛЯ ЎСІХ І КОЖНАГА
Сапраўды, на свяце малака «Малочныя рэкі — песенныя берагі» кожны яго ўдзельнік змог знайсці тое, што парадавала яго душу і ўзнімала настрой. Працавалі атракцыёны для дзяцей, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, крэатыўныя зоны і многае іншае. Тут удосталь гучала музыкі, а твары ўдзельнікаў свяціліся ўсмешкамі.
— Свята праходзіць у чацвёрты раз. У яго арганізацыі і правядзенні падтрымку аказаў СВК «Свіцязянка-2003». У ім прымаюць удзел жыхары Райцы, Міратыч, Варончы, Малюшыч. Яно згуртоўвае людзей і дорыць ім добры настрой, — адзначыла загадчык філіала «Райцаўскі сельскі клуб» Ала Сіроціна.

Галіна СМАЛЯНКА Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
Источник: https://polymia.by/vse-novosti/2325/v-raice-sostoialsia-prazdnik-molocnye-reki-pesennye-berega

