1 ліпеня каля мемарыяльнага комплексу “Зорка”, што ў райцэнтры шматлюдна. Для карэліччан гэта звыклая карціна – веласіпедысты сабраліся на традыцыйны велапрабег, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Своеасаблівая патрыятычная акцыя аб’яднала ўсіх, каму дарагія і зразумелыя агульныя каштоўнасці: гонар за подзвіг прадзедаў, любоў да сям’і і зямлі, жаданне працаваць для росквіту краіны.
Працоўная моладзь, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба, сектара культуры райвыканкама, РК ГА “БРСМ” з атрыбутыкай у руках праехаліся па гарпасёлку, накіраваліся да помніка загінулым у аргагарадку Палужжа, адтуль калонна веласіпедыстаў паехала да поля Яна Фогеля. Удзельнікі велапрабегу аддалі даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкім воінам, дзякуючы якім мы сёння жывем пад мірным небам і ў квітнеючай краіне. Паклапаціліся арганізатары і пра бяспеку шляху. Калону веласіпедыстаў па маршруце руху суправаджаў экіпаж ДАІ, за ўдзельнікамі прабегу – аўтамабіль брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.

Як адзначыў адзін з арганізатараў велапрабегу, загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка, арганізатары мерапрыемства ставілі перад сабой некалькі задач. Па-першае, прыцягненне ўвагі да здаровага ладу жыцця. Па-другое, папулярызацыя экалагічна чыстага віду транспарту. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, — нагадваюць усім пра тую ролю мільёнаў людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля свабоды і незалежнасці роднай краіны.
— Напярэдадні Дня Незалежнасці, Дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мне хацелася б пажадаць кожнаму мірнага неба над галавой, здароўя, удачы, цярпення, стойкасці і любові да роднай нашай Рэспублікі Беларусь.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

