На Карэліччыне пачаўся тыдзень традыцыйнай народнай культуры “Народнаму жыць у вяках” — Кореличчина туристическая

На Карэліччыне пачаўся тыдзень традыцыйнай народнай культуры “Народнаму жыць у вяках”

Ужо трэці год запар на Карэліччыне праходзіць тыдзень традыцыйнай беларускай культуры ў межах раённага праекта “Заходзьце у хату”. Гэта не проста тыдзень — гэта свята, якое аб’ядноўвае ўсіх жыхароў раёна ў імкненні захаваць і прымножыць багатую культурную спадчыну нашага народа.
29 верасня ў выставачнай зале аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў у час фальклорнай гасцёўні “Скарбы народнай культуры” адбылося ўрачыстае адкрыццё тыдня беларускай традыцыйнай культуры “Народнаму жыць у вяках”. На мерапрыемства сабраліся дарослыя і дзеці, для якіх народная культура — сапраўдны скарб.
Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік павітала ўсіх прысутных і рассказала, у чым заключаецца сутнасць тыдня беларускай традыцыйнай культуры. Яна падкрэсліла, што дадзенае мерапрыемства дапаможа глыбей зразумець і адчуць прыгажосць і разнастайнасць культуры нашага народа.

У ходзе фальклёрнай гасцёўні праз кароткаметражны фільм гледачы падрабязней пазнаёміліся з майстрамі народнай творчасці Карэліцкага раёна. Далей разам з вядучым яны адправіліся ў віртуальную вандроўку па асноўных каляндарна-абрадавых святах беларусаў: “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Сёмуха”, “Купалле”, “Спасы: Хлебны, Мядовы, Яблычны”, “Багач”, “Дзяды”, “Каляды”, “Масленіца”. Завяршэннем фальклорнай гасцёўні стаў невялічкі інтэрактыў па матэрыялах віртуальнай вандроўкі, у якім прысутныя актыўна ўдзельнічалі, а таксама падтрымлівалі размову на працягу мерапрыемства.

Кожны з гледачоў атрымаў шмат прыемных эмоцый, цікавых ведаў і яшчэ бліжэй пазнаёміўся з традыцыйнай беларускай культурай.
Тыдзень традыцыйнай народнай культуры “Народнаму жыць у вяках” будзе працягвацца з 29 верасня па 5 кастрычніка. На працягу тыдня карэліччан чакаюць: 30 верасня — майстар-клас па пабытовых танцах “Шлях да вытокаў” (Карэліцкі РЦКіНТ”), 1 кастрычніка — майстар-клас па саломапляценні “Традыцыі на кончыках пальцаў” (Красненскі ДК), 2 кастрычніка — тэматычная вандроўка “Да вытокаў мудрасці” (сядзіба Салдатавых), творчая сустрэча “Жывы гук беларускай зямлі” (Цырынскі ДК), гульнёвая праграма “Народныя гульні” (Малюшыцкі ДК), 3 кастрычніка — майстар-клас “Беларуская лялька ў традыцыйным адзенні” (Ярэміцкі ДК), інтэрактыўная экскурсія па этнакутку “Скарбы народнай культуры” (Баранавіцкі СК-Б), пазнавальна-гульнёвая праграма “Гульні нашых бабуль” (Лукскі ДК), 4 кастрычніка — майстар-клас па прыгатаванні нацыянальных страў “Смак Беларусі” (Мірскі ГДК), арт-майстэрня “Сімвалы беларускага арнаменту” (Турэцкі ДК), інфармацыйна-пазнавальная праграма “Беларускія народныя рамёствы” (Варанчанскі СК), 5 кастрычніка — майстар-клас па пашыве беларускай лялькі “Беларусачка” (Жухавіцкі ДК).
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара